ГДТУ імя П.В. Сухога запрашае абітурыентаў на III алімпіяду па радыёэлектроніцы

Аргкамітэт III алімпіяды па радыёэлектроніцы ўстановы адукацыі «Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога» запрашае абітурыентаў прыняць удзел у алімпіядзе па радыёэлектроніцы, якая будзе праведзена 17.03.2015 на базе кафедр «Прамысловая электроніка» і «Фізіка».

Для ўдзелу ў алімпіядзе запрашаюцца навучэнцы ўстаноў сярэдняй адукацыі:

  • навучэнцы сярэдніх школ, гімназій, ліцэяў;
  • навучэнцы профільных устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі;
  • навучэнцы прафесійна-тэхнічных вучылішч,
  • навучэнская моладзь, якая наведвае гурткі тэхнічнага накірунку, створаныя на базе абласных і раённых цэнтраў, дамоў тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.

     

Алімпіяда будзе праведзена 17 сакавіка 2015 г. (аўторак) у ГДТУ імя П.В. Сухога (г. Гомель, пр. Кастрычніка, 48) з 15:00 да 17:00 у аўдыторыі 2-542, у выглядзе спаборніцтва ў асабістым заліку ў вырашэнні шэрагу заданняў па раздзелах «Электрычнасць і магнетызм», «Асновы тэхнічнай электрадынамікі», «Асновы алгарытмізацыі». Складанасць заданняў адпавядае ўзроўню абітурыента вышэйшай навучальнай установы тэхнічнага профілю. Працоўнымі мовамі алімпіяды з’яўляюцца дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь – беларуская і руская. Кожнае заданне ў бланку заданняў будзе сфармулявана на абедзвюх мовах, а мову, на якой будзе ажыццяўляцца рашэнне, выбірае кожны ўдзельнік самастойна. Пры падрыхтоўцы да алімпіяды ўдзельнікам трэба мець на ўвазе, што падчас вырашэння заданняў такія вартасці, як дасціпнасць і кемлівасць, могуць спатрэбіцца нават у большай ступені, чым дакладнае веданне фізічных канстант і груздкіх формул.

Узрост удзельнікаў не абмяжоўваецца ні зверху, ні знізу – галоўным з’яўляецца статус навучэнца ўстановы сярэдняй адукацыі. У выпадку ўдзелу ў алімпіядзе непаўналетніх, абавязковым з’яўляецца іх суправаджэнне афіцыйнымі прадстаўнікамі адпаведнай установы сярэдняй (або дадатковай) адукацыі. Рэкамендуецца накіроўваць для ўдзелу ад пэўнай установы адукацыі не аднаго, а некалькіх навучэнцаў.

Перад алімпіядай, у 14:30 будзе праведзена экскурсія па выпускаючай кафедры «Прамысловая электроніка» з прэзентацыяй стэндавага абсталявання і навукова-тэхнічных распрацовак кафедры (збор у аўдыторыі 2-542, корпус 2).

Пераможцы алімпіяды (I, II, III месца) будуць узнагароджаны дыпломамі і прызамі ўніверсітэта.

Генеральным спонсарам мерапрыемства традыцыйна выступае група кампаній «Политех», якая прэзентуе ў якасці прызоў для пераможцаў алімпіяды (I, II, III месца) свае прызы з ліку аргтэхнікі і гукавога абсталявання. Акрамя гэтага, удзельнікі алімпіяды атрымаюць карткі кліента, якія даюць права на атрыманне зніжкі ў крамах і сэрвісным цэнтры «Политех».

Кантактны тэлефон аргкамітэта алімпіяды: (+37529)484034 (кафедра «Прамысловая электроніка»).

E-mail: kryshnev [at] gstu [dot] by

Далучаны файл: Палажэнне аб адкрытай алімпіядзе па радыёэлектроніцы ГДТУ імя П.В. Сухога


03.03.2015