Рэгістрацыя абітурыентаў на прафесійна-псіхалагічную гутарку

З 5 сакавіка 2012 года пачнецца рэгістрацыя абітурыентаў на прафесійна-псіхалагічную гутарку. На прафесійна-псіхалагічнай гутарцы неабходна абгрунтаваць выбар сваёй будучай прафесіі ўдзельнікам камісіі, сярод якіх будуць не толькі выкладчыкі ВНУ, але і кіраўнікі прадпрыемстваў - заказчыкі кадраў. Такую рэкамендацыю абітурыентам даў Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч.

 

 

Ён нагадаў, што з 5 па 31 сакавіка абітурыенты, якія жадаюць стаць дыпламатамі, юрыстамі, журналістамі ці мытнікамі – па спецыяльнасцях "дзяржаўнае кіраванне", "дзяржаўнае кіраванне і права", "дзяржаўнае кіраванне і эканоміка", "міжнародныя адносіны", "міжнароднае права", "правазнаўства", "эканамічнае права", "журналістыка", "міжнародная журналістыка", "мытная справа", абавязкова павінны запісацца на прафесійна-псіхалагічную гутарку. Прычым прайсці яе павінны ўсе абітурыенты - і тыя, хто выбраў дзённую форму атрымання адукацыі, вячэрнюю, завочную (у тым ліку дыстанцыйную), навучанне ў скарочаныя тэрміны, і тыя, хто будзе навучацца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Праходжанне гутаркі абавязкова таксама для атрымання другой і наступнай вышэйшай адукацыі, як за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, так і на ўмовах аплаты фізічнымі або юрыдычнымі асобамі.

Як расказаў міністр, падчас гутаркі абітурыент павінен будзе раскрыць свае асобасныя, справавыя якасці, здольнасці і матывацыі да навучання па названых спецыяльнасцях. Абітурыент будзе павінен даказаць удзельнікам  камісіі, што ён свядома абраў будучаю прафесію. На гутарцы трэба будзе паказаць сваю эрудыцыю, агульнае ўяўленне аб працэсах, якія адбываюцца ў свеце. Камісія можа задаць таксама пытанні аб найбольш прывабных, на думку абітурыента, аспектах прафесійнай дзейнасці, аб прэстыжы абранай прафесіі, яе сацыяльнай значнасці. Акрамя таго, будуць ацэнены і некаторыя асабістыя характарыстыкі суразмоўцы, для чаго ў склад камісій увойдуць псіхолагі і сацыяльныя педагогі.

Адзначым, што праходзіць гутарку на адну і тую ж спецыяльнасць у розных ВНУ нельга. Усе дадзеныя аб тых, хто жадае прайсці гутарку, 1 красавіка паступяць у Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, дзе іх правераць і "адсеюць" двайнікоў. Тым, хто зарэгістраваўся на адну спецыяльнасць двойчы, прапануюць прайсці гутарку па першым з двух адрасоў запісу. З улікам колькасці заяў на спецыяльнасці і іншых асаблівасцяў уступнай кампаніі кожная ВНУ самастойна вызначыць дні правядзення выпрабаванняў. Гутаркі з абітурыентамі пройдуць у тэрміны з 5 да 30 красавіка.

У склад камісіі ўваходзіць адзін з намеснікаў кіраўніка ВНУ або кіраўнік факультэта, на якім ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў па гэтых спецыяльнасцях, прафесары, дацэнты, выкладчыкі, псіхолагі, сацыяльныя педагогі і іншыя работнікі ВНУ, а таксама кваліфікаваныя спецыялісты адпаведных галін эканомікі і сацыяльнай сферы Беларусі. Дакументам аб выніках гутаркі з'яўляецца рэкамендацыя для ўдзелу ў конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі. Выдаецца яна ў дзень праходжання гутаркі.

 


04.03.2012