Абітурыент-2017: новыя правілы

12.01.2017

Абітурыенты, якія будуць здаваць будучым летам ЦТ і якім не пашчасціць стаць студэнтамі, пры жаданні змогуць паспрабаваць паступіць са сваімі сертыфікатамі і ў наступным годзе. Прыёмныя камісіі будуць прымаць у абітурыентаў у 2018 годзе сертыфікаты як узору 2018 года, так і вынікі здачы ЦТ у 2017 годзе. Таксама ў прэтэндэнта на студэнцкі білет будзе магчымасць выбраць з вынікаў здачы ЦТ за два гады сертыфікаты з найлепшымі для сябе баламі і заявіць у прыёмную камісію, скажам, сертыфікат па матэматыцы за 2017 год, а па фізіцы за 2018 год. Павелічэнне тэрміну дзеяння сертыфікатаў ЦТ на два гады — адно з галоўных новаўвядзенняў, запісаных у новых Правілах прыёму ў ВНУ і ССНУ, якія былі зацверджаны Указам кіраўніка нашай дзяржавы 9 студзеня.

Новыя правілы-1

— Гэта мера дапаможа абітурыентам больш спакойна ставіцца да прыёмнай кампаніі і зменшыць нервознасць, — упэўнены першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ.

Каб не застацца за бортам

Яшчэ адно важнае новаўвядзенне — магчымасць здачы цэнтралізаванага тэсціравання па чатырох вучэбных прадметах. Адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ, дэкан факультэта даўніверсітэцкай адукацыі Вячаслаў МАЛАФЕЕЎ патлумачыў, што наяўнасць чацвёртага сертыфіката асабліва важная для спецыяльнасцяў, якія знаходзяцца на стыку галін ці прадметных абласцей. Скажам, пры паступленні на хімічны факультэт БДУ на спецыяльнасць «хімія лекавых злучэнняў» трэба здаваць хімію і біялогію, а на «хімію высокіх энергій» — хімію і матэматыку. І калі абітурыент не праходзіць па сваіх балах на запатрабаваную ў моладзі першую спецыяльнасць, то ён не можа падаць свае дакументы на іншую спецыяльнасць хімічнага факультэта. На геаграфічным факультэце ёсць спецыяльнасці, дзе профільнымі дысцыплінамі з'яўляюцца геаграфія і матэматыка, а ёсць спецыяльнасць, дзе трэба прад'явіць сертыфікаты па геаграфіі і фізіцы (надзвычай рэдкі набор сертыфікатаў, які больш нідзе не патрабуецца). Цяпер абітурыенты, маючы на руках чатыры сертыфікаты, змогуць спакойна выбіраць з пераліку спецыяльнасцяў у межах аднаго факультэта.

А вось баяцца змяненняў у структуры ЦТ у гэтым годзе не варта. Частка А ( з варыянтамі адказаў) і В (без прадастаўлення выбару) застаюцца ва ўсіх тэстах. З'яўленне часткі С, дзе абітурыент павінен даць разгорнуты адказ ці напісаць міні-эсэ, якая ёсць у тэстах расійскага Адзінага дзяржаўнага экзамену, пакуль нашым абітурыентам не пагражае.

Дадатковы шанец

Істотным плюсам можна лічыць з'яўленне трох рэзервовых дзён для здачы ЦТ. Раней быў прадугледжаны ўсяго адзін такі дзень, і калі абітурыент захварэў і прапусціў, напрыклад, два ЦТ, ён вымушаны быў страчваць цэлы год. Да таго ж спартсмены маглі прапусціць здачу ЦТ з-за важных спаборніцтваў, музыканты — з прычыны ўдзелу ў фестывалях і г.д. Цяпер у іх будзе магчымасць скарыстацца рэзервовымі днямі. Таксама тры рэзервовыя дні для правядзення ЦТ дадуць шанц паўдзельнічаць у конкурсе на бюджэтныя месцы абітурыентам з Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана, якія не паспявалі прыехаць у Беларусь у чэрвені, каб здаць ЦТ разам з беларусамі, паколькі ў гэты ж час яны здавалі свае нацыянальныя экзамены. У іх была адзіная магчымасць стаць студэнтам беларускай ВНУ — праходзіць субяседаванне восенню і паступаць на платную форму навучання як замежным грамадзянам з адпаведнымі «расцэнкамі» за вучобу.

Начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КАСПЯРОВІЧ расказаў, што пры паступленні на скарочаную форму навучання ў ВНУ выпускнікам каледжаў цяпер не трэба будзе здаваць ЦТ.

— Размова ідзе пра выпускнікоў каледжаў, якія паступаюць на роднасныя спецыяльнасці ў ВНУ, — патлумачыў ён. — Для гэтай катэгорыі абітурыентаў прадугледжаны два ўступныя экзамены па дысцыплінах вучэбнага плана сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што вызначаюцца прыёмнай камісіяй ВНУ. Раней абітурыенты павінны былі здаваць ЦТ па рускай ці беларускай мове, а таксама непасрэдна ў ВНУ вуснае або пісьмовае выпрабаванне па профільным прадмеце, які яны вывучалі ў каледжы. Цяпер сітуацыя для іх змяняецца....

Значна спрашчаюцца ўмовы для паступлення абітурыентаў на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю.

— Яны змогуць здаваць па выбары або цэнтралізаванае тэсціраванне і падаваць у прыёмную камісію свае сертыфікаты, або здаваць унутраныя экзамены, — праінфармаваў Сяргей Каспяровіч. — Для ўсіх, хто паступае ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю, а таксама ў ВНУ іншага профілю, але на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, вызначаны адзіны падыход. Абітурыенты будуць здаваць толькі два ўступныя іспыты па профільных прадметах. Здаваць экзамен па дзяржаўнай мове ім не давядзецца.

Новыя правілы-2

Ільгота... па рэкамендацыі

Вельмі важнае змяненне ў новай рэдакцыі правілаў тычыцца выпускнікоў педагагічных класаў. Сёння ў 11-х класах профільнай педагагічнай накіраванасці навучаюцца каля 1,5 тысячы чалавек па ўсёй краіне. Яны змогуць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без здачы ЦТ па выніках субяседавання. Але для таго, каб скарыстацца такой прывілеяй, выпускнікі павінны будуць выканаць шэраг даволі жорсткіх патрабаванняў.

Адзнакі па профільных прадметах у іх павінны быць не ніжэй за 8 балаў, а па ўсіх астатніх прадметах школьнай праграмы — не ніжэй як 7 балаў. Акрамя таго, старшакласнікі павінны абавязкова засвоіць праграму факультатыва «Увядзенне ў педагагічную прафесію» аб'ёмам 140 вучэбных гадзін за два гады. І, нарэшце, кожны прэтэндэнт на льготу павінен будзе атрымаць разгорнутую характарыстыку-рэкамендацыю, зацверджаную педсаветам. А яна выдаецца па выніках створанага адзінаццацікласнікам уласнага партфоліа. Гэта значыць, што школа нясе поўную адказнасць за аб'ектыўнасць выдадзенай рэкамендацыі. Уключэнне гэтай нормы ў Правілы прыёму дазволіць вырашыць задачу, пастаўленую Прэзідэнтам, — адабраць на педагагічныя спецыяльнасці добра матываваных і падрыхтаваных абітурыентаў.

Але неабходна зазначыць, што выпускнікам педагагічных класаў, якія будуць паступаць па выніках субяседавання, трэба будзе адпрацаваць па размеркаванні пяць гадоў, а не два, як абітурыентам, якія паступаюць на агульных падставах.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі, дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка Сяргей ЯКАВЕНКА лічыць, што пяцігадовая адпрацоўка па размеркаванні не адштурхне абітурыентаў з ліку выпускнікоў педагагічных класаў.

— Мы праводзілі маніторынг і ўстанавілі, што 65—80% выпускнікоў, адпрацаваўшы два гады пасля заканчэння ўніверсітэта, застаюцца ў той жа школе. Напрыклад, у Клецкім раёне засталіся 100%, у Бярэзінскім — 91%, у Мядзельскім — 83%, — прывёў ён свае аргументы. — Не варта забываць, што ў невялікіх населеных пунктах школа з'яўляецца надзейным працоўным месцам. У гэтым пытанні таксама многае залежыць ад падтрымкі маладых спецыялістаў мясцовымі ўладамі. Разам з тым, калі выпускнікі педкласаў не пажадаюць паступаць ва ўніверсітэт на такіх умовах, яны змогуць удзельнічаць у агульным конкурсе і здаваць пры паступленні цэнтралізаванае тэсціраванне.

Захавалася льгота на паступленне без экзаменаў на педагагічныя спецыяльнасці таксама і для ўладальнікаў школьных медалёў, дыпломаў аб заканчэнні ССНУ з адзнакай і пераможцаў алімпіяд.

З іншых змяненняў, якія былі ўнесены ў новы парадак прыёму, варта адзначыць магчымасць паступаць на завочную форму навучання жанчынам, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем, без наяўнасці ў іх стажу працы па профілю будучай спецыяльнасці. А пры паступленні на спецыяльнасці сацыяльнага профілю ўладальнікі валанцёрскіх кніжак будуць мець пераважнае права на залічэнне пры іншых роўных умовах.

Надзея НІКАЛАЕВА, газета "Звязда"

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА