У Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога на роднай мове абаронены дыплом інжынера па радыёэлектроніцы

Упершыню за 45-гадовую гісторыю Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога адбылася абарона дыпломнага праекта, цалкам распрацаванага на роднай мове. Студэнт завочнай скарочанай формы навучання спецыяльнасці «Прамысловая электроніка» Андрэй Грабянчук у атачэнні чарцяжоў, выкананых на беларускай мове, цалкам па-беларуску прадставіў перад камісіяй распрацаваную сучасную сістэму кіравання газавай блокавай гарэлкі для котлаагрэгата і ўпэўнена прадэманстраваў яе працаздольнасць на рэальнай праграмна-апаратнай мадэлі.

Андрэй, які працуе на пасадзе слесара кантрольна-вымяральных прыбораў ААТ «Рэчыцкі мецізны завод», прызнаецца, што яму прыемна размаўляць на роднай мове, але, на жаль, не заўсёды ён мае такую магчымасць:

– Увогуле даволі мала тых, хто размаўляе па-беларуску, – дзеліцца Андрэй, –  Прынамсі, у мяне такое жаданне існавала ўжо даўно. Ва ўмовах невытлумачальна рэдкага ўжывання роднай мовы на афіцыйным узроўні і ў сродках масавай інфармацыі нашай краіны, прыходзілася не аднойчы звяртацца да  слоўнікаў, да літаратурных твораў, каб удасканальваць свае веды і размоўны досвед. На шчасце, у свой час на працы я сустрэў чалавека з падобнай цікавасцю, з якім паміж сабою мы размаўлялі па-беларуску. І таму пазней мне вельмі прыемна было сустрэць аднадумцаў і ў нашым ўніверсітэце.

Прапанаваў Андрэю абараняць дыплом на беларускай мове яго кіраўнік – загадчык кафедры Юрый Крышнёў, які размаўляе ўжо доўгі час толькі на роднай мове і па сваёй уласнай ініцыятыве выкладае на ёй тэхнічныя дысцыпліны студэнтам. Менавіта ён дапамог Андрэю і ў правільнай трактоўцы часткі адмысловай тэрміналогіі дыпломнага праекту. У некаторых выпадках ім прыходзілася поруч звяртацца да рэдкіх тэхнічных слоўнікаў адмысловых тэрмінаў аўтаматыкі і электронікі, з той прычыны, што ў звычайных слоўніках адпаведныя вузкаспецыялізаваныя тэхнічныя тэрміны адсутнічалі або даваліся ў спрошчаным выглядзе.

Але нягледзячы на такую «дадатковую» нагрузку, Андрэй вельмі задаволены вынікам сваёй працы:

- Незвычайна! Мне прыемна, што ўсё атрымалася. Галоўнае, атрымалася з пункту гледжання навукова-тэхнічных вынікаў. І што яшчэ вельмі важна: хай ведаюць зараз і іншыя, што мы маем абсалютна абгрунтаваную магчымасць пісаць дыпломныя і навуковыя работы на роднай мове, і не варта будаваць штучныя бар’еры і міфы, спасылаючыся на яе нібыта сціпласць. На самой справе, яна змяшчае вельмі багаты арсенал выразных сродкаў, незалежна ад таго, што з’яўляецца прадметам работы – мастацкая літаратура, медыцына, права, эканоміка або, як бачыце, тэхніка.

Трэба дадаць, што беларускамоўнаму студэнту ўсе без выключэння ўдзельнікі камісіі паставілі  адзнаку «10», што адбываецца даволі рэдка.

http://newsgomel.by/ 


25.01.2014