Прызначаны новыя рэктары ў двух вышэйшых навучальных установах Беларусі

Новым рэктарам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка прызначаны Аляксандр Жук, доктар педагагічных навук, прафесар. Працаваў настаўнікам матэматыкі СШ № 34 і № 170 г. Мінска, выкладчыкам кафедры геаметрыі, тапалогіі і методыкі выкладання матэматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І.Леніна, дацэнтам гэтай жа кафедры. Аляксандр Іванавіч Жук стаяў ля вытокаў стварэння ліцэя БДУ, быў яго дырэктарам, праводзіў урокі матэматыкі з адоранымі навучэнцамі. Далей ён працаваў рэктарам Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі, узначальваў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі, быў першым прарэктарам Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У 2001-2014 г.г. А.І. Жук працаваў на пасадзе першага намесніка Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Новым рэктарам Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна прызначана Ганна Мікалаеўна Сэндэр, доктар педагагічных навук, прафесар. З 1976 г. па 1977 г. працавала лабарантам цэнтральнай лабараторыі Пінскага прадзільна-вытворчага аб'яднання імя 60- годдзя Вялікага Кастрычніка. У 1977-1978 г.г . - слухачка падрыхтоўчага аддзялення БГПІ імя А.С. Пушкіна. У 1983 годзе скончыла фізіка- матэматычны факультэт Брэсцкага педінстытута імя А.С.Пушкіна. У 1983 - 1984 г.г . - настаўнік фізікі ў СШ № 4 г. Баранавічы. У 1984 - 1989 г.г . - выкладчык фізікі Пінскага педагагічнага вучылішча імя А.С. Пушкіна. У 1990 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю. У 1995 - 1998 г.г . - дактарант кафедры педагогікі БДУ, у 1999 годзе абараніла доктарскую дысертацыю. У 2003-2014 г.г. працавала на пасадзе прарэктара па вучэбнай рабоце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.


02.05.2014