Мінадукацыі вызначыла тэрміны ўступнай кампаніі ў ВНУ

05.04.2018

Пастановай Міністэрства адукацыі Беларусі нумар 14 ад 15 сакавіка 2018 года вызначаны тэрміны правядзення ўступнай кампаніі ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Дакумент афіцыйна апублікаваны 31 сакавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Пастановай устаноўлены тэрміны прыёму дакументаў ад абітурыентаў. Так, з 12 па 17 ліпеня яны будуць прымацца ад асоб, якія жадаюць атрымаць вышэйшую адукацыю ў дзяржаўных ВНУ за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту або ва ўстановах вышэйшай адукацыі на платнай аснове.

З 15 лістапада па 5 снежня будзе ажыццяўляцца прыём дакументаў ад тых, хто паступае на завочную форму атрымання адукацыі ва ўстановы вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю.

Графікі прыёму дакументаў у абітурыентаў, якія паступаюць у ВНУ для атрымання вышэйшай адукацыі на платнай аснове і не здаюць уступныя іспыты, выглядаюць так:

- з 12 па 31 ліпеня - у Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС;

- з 12 ліпеня па 2 жніўня - у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў;

- з 12 ліпеня па 4 жніўня - у іншых установах вышэйшай адукацыі.

Выпускнікі профільных класаў (груп) педагагічнай накіраванасці, якія паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці, змогуць падаць дакументы ў ВНУ з 12 па 14 ліпеня.

Пастановай таксама вызначаны тэрміны правядзення ўступных іспытаў. Так, з 18 па 21 ліпеня яны адбудуцца ў Магілёўскім інстытуце МУС, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС. З 18 па 26 ліпеня - у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. З 18 па 25 ліпеня (у вочнай форме атрымання адукацыі) і з 6 па 15 снежня (у завочнай) у ВНУ сельскагаспадарчага профілю. З 18 па 24 ліпеня - у іншых ВНУ.

Таксама вызначаны тэрміны залічэння абітурыентаў і дадатковага набору ў дзяржаўныя ўстановы вышэйшай адукацыі на месцы, вызначаныя кантрольнымі лічбамі прыёму, што засталіся вакантнымі пасля залічэння абітурыентаў. Акрамя таго, устаноўлены тэрміны ўступнай кампаніі для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, а таксама для грамадзян Украіны і асоб без грамадзянства, якія пражывалі (як правіла, не менш як год) на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны і прыбылі ў Беларусь для атрымання дазволаў на часовае або пастаяннае пражыванне.

Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.


Документы:


БЕЛТА