Адказы Міністра адукацыі Сяргея Маскевіча на пытанні расійскіх журналістаў

Нежаданне моладзі звязваць сваю будучыню з навукай міністр адукацыі Сяргей МАСКЕВІЧ лічыць адной з самых злабадзённых праблем, якія стаяць сёння перад сістэмай адукацыі.

– Так склалася, што ў навуцы ў нас "правіслі" цэлыя кірункі, звязаныя з фундаментальнай навукай (матэматыкай, фізікай), а таксама з інфармацыйнымі тэхналогіямі, – канстатаваў кіраўнік галіны, адказваючы на пытанні расійскіх журналістаў, якія зараз знаходзяцца ў Беларусі ў прэс-туры. – Заняткі навукай прыбытку маладым людзям не гарантуюць. Да таго ж навука – гэта заўсёды пэўная рызыка, і няма ніякай гарантыі, што твая праца, твой пошук увянчаюцца поспехам. Навошта ісці навучацца ў аспірантуру, калі на некаторых спецыяльнасцях студэнты, якія працуюць, атрымліваюць за сваю работу больш, чым іх выкладчыкі – дацэнты і прафесары? У прыватнасці, у ІТ-сферы... А ў навуку прыходзяць толькі маладыя людзі, "інфіцыраваныя" вірусам пошуку, напэўна, яшчэ ў школьныя гады. Але вымушаны канстатаваць, што за дваццаць гадоў маёй педагагічнай дзейнасці колькасць "інфіцыраваных навукай" пастаянна змяншаецца. Як змяніць гэту сітуацыю? Па-першае, сфера вытворчасці павінна ўкладваць сродкі ў адукацыю. Гэта можа быць і адкрыццё кафедраў ВНУ на базе прадпрыемстваў і буйных кампаній, і матэрыяльнае заахвочванне выкладчыкаў ВНУ, якія рыхтуюць кадры для рэальнага сектара эканомікі, у тым ліку і навуковыя... Людзі, якія складаюць інтэлектуальную эліту краіны, павінны быць заможнымі і, галоўнае, паважанымі людзьмі ў нашым грамадстве. Інакш далейшае вымыванне мазгоў спыніць будзе немагчыма.

Другая праблема, на якой спыніўся Сяргей Маскевіч, – гэта паступовая страта якасці агульнай сярэдняй адукацыі:

– Мы бачым, што ў школы прыходзяць маладыя настаўнікі ўжо з некалькі іншай псіхалогіяй і ўзроўнем ведаў. І ўвогуле моладзь сёння фарміруецца ў большай ступені пад уздзеяннем інфармацыйнага інтэрнэт-асяроддзя. У выніку – мора амбіцый і абсалютна неадэкватная ацэнка сваіх здольнасцяў і свайго ўзроўню ведаў.

Прыёмная кампанія – не месца для карупцыі

Натуральна, што расійскіх журналістаў цікавіла стаўленне беларусаў да ідэі правядзення адзінага дзяржаўнага экзамену. Зараз у Расіі завяршаецца кампанія па здачы выпускнікамі АДЭ, і пакуль эксперты прадметных камісій падлічваюць балы абітурыентаў, супрацоўнікі Федэральнай службы па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі высвятляюць, колькі ж заданняў трапіла ў інтэрнэт.

– Я, у прынцыпе, станоўча стаўлюся да АДЭ, але пытанні і па арганізацыйных працэдурах яго правядзення, і па змесце экзаменацыйных матэрыялаў яшчэ застаюцца. Калісьці і ў Беларусі таксама выкарыстоўваліся расійскія тэсты. Аднак мы сталі ствараць сваю ўласную сістэму адбору прэтэндэнтаў на атрыманне вышэйшай адукацыі. І абралі іншы шлях – адмовіліся ад ідэі сумяшчэння выпускных экзаменаў у школах і ўступных іспытаў у ВНУ і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Адна з прычын – жаданне папярэдзіць муштраванне школьнікаў па тэстах. За курс сярэдняй школы выпускнікі здаюць традыцыйныя экзамены: як у пісьмовай, так і ў вуснай форме. Але мы будзем імкнуцца да таго, каб зрабіць выпускныя экзамены больш аб'ектыўнымі: паколькі пры паступленні ўлічваецца сярэдні бал школьнага атэстата, заўсёды будзе спакуса павысіць гэты бал, няхай і штучна. Увогуле ў аснову ЦТ і АДЭ пакладзены прынцыпова розныя сістэмы ацэньвання. Калі гаварыць пра цэнтралізаванае тэсціраванне, то гэта нарматыўна-арыентаваны падыход, які ў большай ступені, чым іншыя мадэлі, дазваляе ажыццявіць конкурсны адбор абітурыентаў у навучальныя ўстановы.

Сёння праблем, звязаных з "уцечкай" з экзаменацыйных тэстаў інфармацыі, з якімі сутыкнуліся ў Расіі, у Беларусі няма. За прыёмнай кампаніяй у нашай краіне наладжаны дзяржаўны кантроль: за ходам правядзення ўступных іспытаў і залічэння назіраюць і члены дзяржаўнай камісіі, і работнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю, а для дастаўкі матэрыялаў цэнтралізаванага тэсціравання задзейнічана дзяржаўная фельд'егерская служба... І ніякіх выключэнняў у нас не робіцца – датэрміновая здача цэнтралізаванага тэсціравання не прадугледжана... Ёсць толькі адзін рэзервовы дзень для тых, хто па ўважлівай прычыне прапусціў тэсціраванне. Вельмі пільна за захаваннем усіх працэдур назірае і грамадскасць.

Безумоўна, маленькая тэрыторыя Беларусі – гэта наш плюс. І я аддаю належнае мужнасці сваіх расійскіх калег, якія прымалі няпростае рашэнне, укараняючы АДЭ, паколькі ў іх умовах першапачаткова існавала вельмі вялікая рызыка "чалавечага фактару".Тым не менш адмаўляцца ад адзінага дзяржаўнага экзамену не трэба. Можа быць, мы калі-небудзь увогуле прыйдзем да таго, што будзем запісваць у студэнты ўсіх ахвотных, а затым будзе адбывацца, так бы мовіць, натуральны адбор – самыя слабыя будуць адсейвацца пасля першай экзаменацыйнай сесіі.

Нашы абітурыенты – цалкам канкурэнтаздольныя

Цікавіла расійскіх журналістаў таксама магчымасць атрымання расійскімі грамадзянамі адукацыі ў беларускіх ВНУ.

– Дзеючая нарматыўная база забяспечвае для грамадзян Расіі і Беларусі роўныя правы ў плане атрымання якаснай адукацыі. Грамадзяне Расіі на конкурснай аснове (па выніках здачы цэнтралізаванага тэсціравання) могуць паступаць як на бюджэтную, так і на платную формы навучання ў беларускія вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы (з выплатай стыпендыяльнага забеспячэння пры ўмове навучання на бюджэтнай аснове), – патлумачыў Сяргей Маскевіч. – Да таго ж у 2012 годзе было прынята рашэнне прадставіць грамадзянам Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана магчымасць паступлення ў беларускія ВНУ на ўмовах, прадугледжаных для замежных грамадзян – толькі па выніках гутаркі, але ўжо на платную форму навучання і па цэнах, устаноўленых для замежных грамадзян. У большасці расійскіх ВНУ прыём грамадзян Беларусі для навучання на платнай аснове таксама ажыццяўляецца па выніках гутаркі, прычым тэрміны падачы дакументаў фактычна не абмежаваныя (навучанне пачынаецца па меры камплектавання груп). Зараз адукацыю ў беларускіх ВНУ атрымліваюць 2 тысячы расіян, а ў расійскіх ВНУ навучаюцца больш як 21 тысяча беларусаў. Суадносіны – адзін да дзесяці. "Няўжо беларусаў не трывожыць пагроза "ўцечкі мазгоў" і ці многія вяртаюцца ў Беларусь пасля атрымання расійскага дыплома?" – пацікавіліся мы ў міністра.

– Калі мы будуем адзіную эканамічную і адзіную адукацыйную прастору, то павінны быць гатовы да таго, што маладыя людзі будуць шукаць месца, дзе ім будзе больш камфортна і дзе ім будуць больш плаціць. З іншага боку, калі рэйтынг Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта самы высокі на постсавецкай прасторы, то давайце радавацца, што нашы дзеці не проста імкнуцца туды паступіць, а паспяхова паступаюць, – падкрэсліў Сяргей Маскевіч. – Гэта сведчанне таго, што яны цалкам канкурэнтаздольныя. Магчыма, там у іх будзе больш магчымасцяў для ўласнай самарэалізацыі. Не буду ўтойваць, што нам хацелася б, каб яны вярталіся дадому. Але нават калі гэтага і не адбудзецца, хочацца верыць, што ў Расіі яны не будуць выконваць другія ролі, а будуць займацца высокаінтэлектуальнай дзейнасцю.

Прафесійны стандарт для педагогаў

У гутарцы з расійскімі журналістамі Сяргей Маскевіч выказаў меркаванне, што ідэя стварэння адзіных адукацыйных стандартаў у Саюзнай дзяржаве сёння неактуальная, паколькі ў Расіі фактычна кожная школа можа самастойна выбіраць падручнік, па якіх будуць навучацца дзеці. Але ў 2012 годзе была створана Еўразійская Асацыяцыя ацэнкі якасці адукацыі. Адзін з кірункаў яе дзейнасці – правядзенне міждзяржаўных даследаванняў якасці адукацыі на еўразійскай адукацыйнай прасторы... Сёння ідзе пошук кірункаў даследаванняў, якія былі б цікавымі і актуальнымі для ўсіх краін СНД.

Што тычыцца стварэння агульнага падручніка па гісторыі, то Сяргей Маскевіч лічыць, што больш правільна вывучаць гісторыю сваёй краіны ў кантэксце сусветнай. Гэта сусветны падыход. А вось ідэя распрацоўкі адзінага прафесійнага стандарту педагога, якая зараз актыўна абмяркоўваецца ў Расіі, вельмі зацікавіла беларусаў. І сёння аналагічная работа распачата і ў нашай краіне. Не выключана, што ў выніку можа з'явіцца агульны для дзвюх краін прафесійны стандарт – набор патрабаванняў да якасці работы педагога.

http://zviazda.by

 


20.06.2013